Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Здаць ЦТ і застацца “жывым”

Дата: 18 июня 2016 в 19:41
Автор: Пешкун И. М.
693 просмотра

У нядзелю ў краіне пройдзе цэнтралізаванае тэсціраванне па матэматыцы. Матэматыка і фізіка – адны з самых складаных для абітурыентаў дысцыплін. Летась нуль балаў абітурыенты атрымалі ў 237 выпадках. Прычым большасць нулявых вынікаў мела месца менавіта на ЦТ па фізіцы і матэматыцы.

Не сакрэт, што многія разлічваюць на цэнтралізаваным тэсціраванні на элементарнае шанцаванне: гэта добра бачна па таму, колькі ўдзельнікаў пакідаюць экзаменацыйныя аўдыторыі ўжо праз паўгадзіны пасля пачатку экзамену. А напрыканцы трэцяй гадзіны “карпець” над тэстам застаюцца і ўвогуле адзінкі. Можна меркаваць, што некаторыя з абітурыентаў, як заўсёды, будуць гуляць у “марскі бой” --  спрабаваць расставіць у тэсце крыжыкі наўздагад.

-- З пункту гледжання тэорыі верагоднасці нязначны шанц выпадкова адказаць на некалькі заданняў правільна прысутнічае.  Гэта дапушчальна з прычыны самой тэхналогіі фіксавання адказаў у бланку. Аднак значнага ўплыву на канчатковы вынік абітурыента ён не аказвае, -- запэўнівае дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ. – Частка “А” тэставай работы, дзе ад абітурыента патрабуецца выбраць правільны адказ з некалькі прапанаваных дыстрактараў (варыянтаў), змяшчае заданні з нізкім каэфіцыентам складанасці, і адпаведна, нізкім  вагавым каэфіцыентам. Гэта істотна зніжае ўплыў выпадку на канчатковы вынік таго, хто выконвае тэст. Да таго ж у тэстах па матэматыцы і фізіцы прапануюцца яшчэ і 12 заданняў часткі “В”, дзе адсутнічаюць падказкі.

Па словах Мікалая Фяськова, нават слаба падрыхтаваныя абітурыенты спрабуюць рашаць, а не ўгадваць. У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў спецыяльна вывучаюць чарнавыя запісы, зробленыя абітурыентамі, якія набралі на экзамене нуль балаў. Арганізатары ЦТ пераканаліся: больш паловы з іх усё ж такі спрабуюць рашаць тэст.  

Поспех на экзамене залежыць ад многіх фактараў,  у тым ліку і ад псіхалагічнага настрою самога абітурыента, яго нацэленасці на высокі вынік. Тэарэтычная падрыхтоўка па прадмеце вельмі важная,  але яна эфектыўная толькі пры сістэматызацыі ведаў. Каб павысіць шанцы на ЦТ, яны далі абітурыентам некалькі карысных парад.

-- Не дайце збіць сябе з толку! Матэматыка па праве лічыцца адным з найбольш складаных школьных прадметаў. І алгебра, і геаметрыя -- навукі, дзе навучанне пабудавана па дакладным алгарытме "ад простага да складанага", пры гэтым кожная наступная тэма з'яўляецца прамым ці ўскосным працягам папярэдняй. Таму прабелы ў ведах становяцца  асноўнай прычынай успрымання тэстаў цэнтралізаванага тэсціравання як "занадта складаных", калі рашэнне прасцейшых ураўненняў здаецца непераадольнай праблемай, а страх перад кожным наступным заданнем расце ў геаметрычнай прагрэсіі.

Збіць з толку абітурыентаў могуць і графічныя выявы заданняў, напрыклад, выкарыстанне кругавой дыяграмы замест звыклага тэксту ў цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы, дзе неабходна вызначыць плошчу (у га), адведзеную пад пшаніцу, калі вядома, што сума пасяўных плошчаў пад зерневыя культуры роўная 2000 га.

-- Умела выкарыстоўвайце інфармацыю закладзеную ў графіках і малюнках, даных ва ўмовах тэкставых заданняў. Абітурыент, які выбраў матэматыку ў якасці ўступнага іспыту, павінен валодаць рацыянальнымі вылічальнымі прыёмамі, ведаць шмат  формул ці пры неабходнасці ўмець вывесці патрэбную формулу,  і ўмець прымяняць іх у ходзе рашэння ўраўненняў, прыкладаў, задач як часткі "А", дзе трэба выбраць правільны адказ з прапанаваных варыянтаў, так і часткі "В", дзе адказ трэба знайсці самастойна. Алгарытм рашэння задачы павінен узнікаць ужо ў працэсе чытання ўмовы. Першыя заданні ўвогуле можна рашаць вусна, але для гэтага трэба, як кажуць, набіць руку.

-- Адна з самых распаўсюджаных памылак — гэта ўспрыманне памераў задачы: абітурыентам здаецца, што чым большая па аб’ёме задача, тым больш складана яна рашаецца. На практыцы ў большасці выпадкаў гэта не так. Чым больш аб’ёмная ўмова задачы, тым больш яна змяшчае зыходных даных, падставіўшы якія ў патрэбныя формулы, абітурыент атрымлівае адказ, у той час як у задачах з невялікай колькасцю даных усю неабходную інфармацыю для пошуку правільнага варыянта абітурыентам даводзіцца шукаць самастойна.

-- Не прапусціце ключавую інфармацыю. Нярэдка цяжкасці ва ўдзельнікаў ЦТ выклікаюць заданні з тэкставым зместам, хоць у тэстах, у адрозненне ад іншых форм іспытаў, тэкставы змест мінімізаваны. На тэсціраванні па фізіцы і матэматыцы заданні сфармуляваныя максімальна лаканічна, тым не менш як толькі тэкст выходзіць за рамкі аднаго-двух сказаў, абітурыентам цяжка ўлавіць яго сутнасць, зразумець, што ад іх патрабуецца. Магчыма, гэта звязана са зніжэннем агульнай моўнай культуры моладзі. 

Часта  няправільнае тлумачэнне ці няўважлівасць абітурыента пры прачытанні ўмовы задачы можа прывесці да далейшых памылковых дзеянняў.  Від задачы можа паказацца знаёмым, але трэба ўпэўніцца ў тым, што гэта менавіта тая задача, якую вы вырашалі раней. Умова яе можа адрознівацца ўсяго адным-двума словамі, але калі гэта не заўважыць, то і вынік  атрымаецца не той, што вы чакалі.

Прыйшоўшы на цэнтралізаванае тэсціраванне, абітурыент спадзяецца ўбачыць ужо знаёмыя і адпрацаваныя тыпы заданняў, якія ён неаднойчы рашаў з настаўнікамі ці самастойна. Але часам нават нязначнае змяненне фармулёўкі задання збівае яго з толку і прымушае ўсумніцца ва ўласных ведах. Незнаёмы тып заданняў у некаторых выпадках можа прывесці абітурыента ў паніку, на пераадоленне якой ён патраціць каштоўны час. Часта абітурыенты несур'ёзна падыходзяць да задачы: не ўнікаючы у сутнасць умовы, адразу прыступаюць да яе рашэння.

-- Не шукайце памылкі ў тэстах. На ЦТ не бывае непісьменна складзеных заданняў, а тым больш памылак у заданнях і адказах. Таму калі ваш адказ у заданні часткі "А" не супадае ні з адным з прапанаваных, шукайце памылку ў сваім рашэнні і вылічэннях.

 -- У дакладных навуках значнаму спрашчэнню пошуку правільнага адказу дапамагае скарочаны запіс умовы задачы, гэта значыць, выдзяленне зыходных і шукаемай велічынь. Пры гэтым абітурыентам варта звярнуць увагу на тое, каб розныя велічыні атрымалі розныя абазначэнні. У некаторых задачах па фізіцы і матэматыцы значна аблегчыць пошук рашэння дапамагае пабудова чарцяжа, гэта значыць, графічны запіс умовы задачы, дзе схематычна прадстаўлены дэталі з’явы, што ляжыць у аснове задачы.

Калі абітурыент адчувае цяжкасці пры рашэнні задач па фізіцы ці матэматыцы, то адным з дзейсных спосабаў з'яўляецца паўтарэнне на памяць умовы здачы. Таму што даволі часта ўказанне на правільны алгарытм рашэння ўтрымліваецца ў самой умове задачы, і канцэнтрацыя ўвагі на ёй дапамагае гэты алгарытм распазнаць.

-- Нярэдка менавіта матэматычная падрыхтоўка становіцца прычынай дапушчаных на тэсціраванні па фізіцы і хіміі пралікаў: гэта значыць, што правільна рашыўшы задачу "фізічна", абітурыенты дапускаюць памылкі ў рашэнні сістэмы ўраўненняў, у матэматычных пераўтварэннях формулаў, пры выкананні дзеянняў з вектарамі, трыганаметрычнымі функцыямі і гэтак далей. Некаторыя абітурыенты памыляюцца пры аналізе графікаў, не могуць прымяніць правілы прыблізных вылічэнняў, правільна акругліць канчатковы адказ, не ўлічваюць вектарны характар фізічных велічынь.  Для таго, каб справіцца з тэстам па фізіцы, неабходна выдатна валодаць усімі матэматычнымі аперацыямі. Зразумела, што ў выйгрышы будуць абітурыенты, у якіх развіты навык вуснага лічэння.

 Некаторыя заданні можна вырашаць больш хутка, калі не шукаць адразу правільны адказ, а паслядоўна выключаць тыя, якія яўна не падыходзяць. Метад выключэння дазваляе канцэнтраваць увагу на адным-двух варыянтах, што значна спрашчае задачу. Лічыцца, што заданні размяшчаюцца па нарастанні ўзроўню складанасці, і выконваць іх трэба па парадку. Тым не менш паняцце складанасці — даволі суб'ектыўнае, і, магчыма, некаторыя заданні часткі В, якія не маюць падказак, менавіта для вас не будуць цяжкімі. Да таго ж з заданнямі часткі В спраўляецца меншая колькасць абітурыентаў, таму пры выстаўленні канчатковай адзнакі яны маюць большую "вагу", чым задачы часткі А. Балы за кожнае заданне налічваюцца, зыходзячы з таго, колькі ўдзельнікаў тэсціравання змаглі яго выканаць (камп'ютарная праграма вызначае так званы каэфіцыент складанасці). За выкананне складнага задання ўдзельніку тэсціравання налічваецца адпаведна больш высокі бал. А на тэсціраванні па рускай і беларускай мовах, дзе прадугледжаны заданні з некалькімі правільнымі адказамі, камп'ютар залічвае абітурыентам у тым ліку і часткова правільныя адказы.

Нярэдка памылкі на ЦТ па фізіцы звязаны з няўменнем прымяняць законы фізікі ў канкрэтных сітуацыях, многія абітурыенты няправільна рашаюць задачы з-за фармальнага ведання фармулёвак асноўных фізічных законаў, іх матэматычных выражэнняў, няўважлівага прачытвання ўмоў задач і малюнкаў, што іх суправаджаюць. Замест уважлівага аналізу умоў задачы ўдзельнікі тэсціравання спрабуюць проста "падабраць" формулу, што, на іх погляд, падыходзіць, і "падставіць" значэнні зададзеных велічынь (адна з найбольш распаўсюджаных памылак). 

Калі ваш адказ супадае з адным з варыянтаў адказаў, то гэта яшчэ не значыць, што ён  правільны, таму што складальнікі тэстаў улічваюць тыповыя памылкі пры рашэнні дадзенага задання і на падставе гэтага фарміруюць варыянты адказаў. На жаль, але некаторыя абітурыенты не ведаюць адзінак фізічных велічынь і суадносіны паміж імі, няправільна пераводзяць іх у сістэму СІ. 

-- Не дапускайце арфаграфічных памылак. Многія ўдзельнікі тэсціравання пры выкананні заданняў часткі "В" сутыкаюцца з яшчэ адной сур'ёзнай праблемай: нават ведаючы правільны адказ, яны не могуць запісаць яго без памылак. Памятайце: адказ на заданне часткі "В" не залічваецца як правільны, калі пры напісанні слоў будуць дапушчаны арфаграфічныя памылкі.

Для паспяховага выканання заданняў з часткі В важна патрэніравацца ў запаўненні бланка друкаванымі літарамі. Трэба мець на ўвазе, што адказ не залічваецца як правільны, калі ў напісанні слоў дапушчаны арфаграфічныя памылкі. Адказ даецца толькі ў кароткай форме (слова, словазлучэнне ці цэлая лічба). Кожная лічба, літара ці знак мінус (калі лічба адмоўная) запісваюцца ў асобную клетачку. Адказ, які складаецца з двух слоў, пішацца злітна, без дэфісу, прабелу ці іншага падзяляльнага знака. Кожны сімвал хімічнага элемента, верхні і ніжні індэксы, адкрытую і закрытую дужку трэба ўносіць у асобную клетку. Для напісання сімвалаў хімічных элементаў варта выкарыстоўваць толькі вялікія літары.

Калі лічбавы адказ атрымліваецца ў выглядзе дробу, то яго варта акругліць да цэлай лічбы па правілах матэматычнага акруглення. Нельга запісваць адказ у выглядзе матэматычнай формулы ці выразу. Нельга ўказваць таксама і адзінкі вымярэння (градусы, працэнты, метры, тоны), даваць слоўныя загалоўкі ці каментары да лічбы.

-- Правярайце і пераправярайце.  Важнай умовай поспеху з'яўляецца ўменне рацыянальна разлічваць і размяркоўваць свой час на экзамене і здольнасць спраўляцца са стрэсам. Педагагічныя тэсты -- не школьная кантрольная работа, і дэфіцыт часу -- адна з умоў выканання тэста, які дазваляе дыферэнцыраваць абітурыентаў па ўзроўні  іх падрыхтоўкі. Трэба вучыцца пераразмяркоўваць час: выкананне заданняў 1-2 ўзроўняў складанасці трэба даводзіць да аўтаматызму, каб больш часу засталося для вырашэння разліковых задач і ланцужкоў пераўтварэнняў. Правільная самаарганізацыя -- залог поспеху на ЦТ.

-- Апошнія 10--15 хвілін прысвяціце праверцы правільнасці запаўнення бланка адказаў, бо кожная памылка ў адказе, у тым ліку апіска, дапушчаная ў момант запаўнення бланка, прыводзіць да таго, што задача лічыцца нярэшанай, таму не спяшайцеся запаўняць бланк адказаў. Рэкамендуецца ўсе атрыманыя адказы пазначаць спачатку не ў бланку, а ў чарнавіку, і толькі пад канец экзамену, калі усё адно наўрад ці вы зможаце рашыць яшчэ хоць адно заданне, запаўняць бланк адказаў.

nikalaeva@zviazda.by

Фота Марыі БЕГУНКОВАЙ

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.