Школьнікаў будуць вучыць рамантаваць электрапрыборы
Школьнікаў будуць вучыць рамантаваць мэблю, электрапрыборы і... прымаць гасцей. Пра гэта ішла размова падчас «круглага стала», які прайшоў у прэс-цэнтры БЕЛТА. Мерапрыемства было прысвечана падрыхтоўцы да новага навучальнага года і Рэспубліканскага педагагічнага савета, які адбудзецца ў апошнія дні жніўня.
Умовы для профільных класаў
У Беларусі ўжо распрацаваны новыя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах з 1 па 11 клас. Яны будуць уводзіцца паэтапна. Уся ж лінейка будзе ўведзена ў 2021/2022 навучальным годзе. Гэтую інфармацыю паведаміў дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей ВАЖНІК.
Ён расказаў, што ў новых праграмах зменшаны аб'ём тэарэтычнага матэрыялу, выключана складаная тэрміналогія, змест адаптаваны да ўзроставых асаблівасцяў вучняў. «Усе праграмы пераглядаюцца з пункту гледжання іх пераемнасці і ўпершыню — з пункту гледжання захавання міжпрадметных сувязяў. Узмоцнена практыка-арыентаваная накіраванасць праграм пры захаванні іх фундаментальнасці і сістэмнасці», — патлумачыў Сяргей Важнік.
Па новых праграмах у наступным навучальным годзе будуць працаваць першыя, другія, пятыя, шостыя, дзясятыя і адзінаццатыя класы.
У 2015/2016 навучальным годзе профільныя класы працавалі ў 1118 установах сярэдняй агульнай адукацыі, а прадметы на павышаным узроўні вывучалі 29 тысяч дзесяцікласнікаў (37% ад агульнай колькасці). Колькі будзе дзейнічаць профільных класаў у новым навучальным годзе, пакуль невядома. Гэта інфармацыя з'явіцца толькі ў жніўні.
— Але мы ні ў якім разе не збіраемся рабіць акцэнт на іх колькасці, — падкрэслівае намеснік міністра адукацыі Раіса СІДАРЭНКА. — Профільныя класы будуць адкрывацца толькі там, дзе створана адпаведная матэрыяльная база і маюцца кваліфікаваныя кадры.
— Патрабаванні, што прад'яўляюцца да настаўнікаў, якія працуюць у профільных класах, даволі жорсткія. У профільных класах не можа выкладаць настаўнік другой катэгорыі: толькі першай ці вышэйшай катэгорыі альбо настаўнік-метадыст, — праінфармавала Раіса Сідарэнка. — Дарэчы, каля 70% педагогаў лічаць сябе гатовымі да рэалізацыі профільнага навучання.
Інфарматыка для пачаткоўцаў
У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах з'явіцца новы факультатыў па інфарматыцы для вучняў другога класа — ён пачне выкладацца з другога паўгоддзя. Пра гэта паведаміла падчас «круглага стала» намеснік дырэктара адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій Ірына ВАСІЛЬЕВА.
«Асноўная мэта факультатыўных заняткаў па інфарматыцы — гэта фарміраванне ўменняў у вучняў, якія дапамогуць мець справу з камп'ютарам. Акрамя ўсяго іншага, мы робім стаўку на развіццё ў навучэнцаў творчых здольнасцяў, выкарыстоўваючы спецыяльнае аб'ектна-арыентаванае асяроддзе, якое будзе спрыяць больш глыбокаму замацаванню вучэбнага матэрыялу», — расказала Ірына Васільева.
Што тычыцца выкладання ў школе працоўнага навучання, то, як абяцаюць спецыялісты, праграмы па гэтай школьнай дысцыпліне стануць больш практыка-арыентаванымі.
— Напрыклад, у напрамак «Тэхнічная праца» быў уведзены такі раздзел, як рамонтныя работы ў быце. Школьнікаў навучаць рамантаваць мэблю, сталярную фурнітуру, карыстацца ручным інструментам, займацца рамонтам электрычнага абсталявання, — расказала метадыст вышэйшай катэгорыі па працоўным навучанні і чарчэнні Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Валянціна ШАРАПАВА.— Па напрамку «Абслуговая праца» таксама ўлічылі пажаданні настаўнікаў і бацькоў. Дзяўчынак навучаць прыгатаванню страў, асновам хатняй гаспадаркі. Аднак мы рыхтуем не толькі гаспадыню, але і гаспадара. Таму навучым усіх, хто пажадае, як сервіраваць стол, як правільна падаваць стравы і прымаць гасцей і іншым не менш карысным у жыцці навыкам.
Варыятыўнасць праграмы дазваляе настаўніку выбраць той матэрыял, які цікавы вучню, і праводзіць заняткі з улікам наяўнага абсталявання.
Надзея НІКАЛАЕВА