Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Усё, што вы хацелі ведаць пра цэнтралізаванае тэсціраванне

Дата: 8 июня 2016 в 22:20
Автор: Пешкун И. М.
572 просмотра

«Як здаць адзіны дзяржаўны экзамен, калі нічога не ведаеш?», «Як пранесці тэлефон праз металашукальнік?» і «Калі ў Расіі адменяць адзіны дзяржаўны экзамен?» – па звестках пошукавай сістэмы «Яндэкс», менавіта гэтыя пытанні цікавяць расійскіх выпускнікоў у найбольшай ступені. У 2016 годзе, па прагнозах расійскіх экспертаў, выдаткі дзяржавы на правядзенне адзінага дзяржаўнага экзамену (АДЭ) складуць рэкордную суму — 2 млрд рублёў. Каб папярэдзіць магчымую ўцечку інфармацыі з экзаменацыйных аўдыторый, для апошніх набываюцца сістэмы відэаназірання (а па краіне задзейнічана 59 тысяч аўдыторый). На ўваходах у навучальныя ўстановы ўстанаўліваюцца металічныя рамкі. За парадкам на экзамене праз інтэрнэт сочаць анлайн-наглядальнікі.

Сачыненне замест АДЭ?

Ці не таму паведамленне пра тое, што ў Дзярждуму паступіў законапраект аб адмене адзінага дзяржаўнага экзамену, многія ўспрынялі з недаверам. Усё ж столькі грошай і працы ўкладзена ў агульную справу! Але пазней інфармацыя знайшла пацвярджэнне: як высветлілася, заканадаўчы сход Карэліі прапанаваў зрабіць АДЭ па рускай мове добраахвотным і адмяніць адзіны дзяржаўны экзамен па матэматыцы на базавым узроўні.

<blockquote style="box-sizing: border-box; padding-top: 10px; padding-right: 20px; padding-bottom: 10px; margin: 2rem 0px; font-size: 17.5px; border-left-color: rgb(120, 18, 18); font-family: 'PT Sans', Helvetica, Arial, sans-serif; font-style: normal; background-color: rgb(253, 239, 206);">

У тлумачальнай запісцы да дакумента аўтары ініцыятывы напісалі, што сёння выпускнікам, каб атрымаць атэстат, неабходна здаць (на мінімальны бал) усяго толькі два адзіныя дзяржаўныя іспыты — па рускай мове і матэматыцы.

</blockquote>

Прычым з гэтымі заданнямі ў стане справіцца і паспяховы вучань пятага класа. «Калі ад выпускніка ўстановы сярэдняй агульнай адукацыі дзяржава патрабуе ўзровень ведаў, якім той валодаў у пятым класе, вучыцца становіцца неабавязкова», — падкрэсліваюць народныя абраннікі.

У сувязі з гэтым аўтары дакумента прапанавалі вярнуць у якасці выпускнога экзамену школьнае сачыненне, а экзамен па матэматыцы праводзіць у форме кантрольнай работы, якая прадугледжвае некалькі ўзроўняў складанасці. Вяртанне да традыцыйнай атэстацыі, на думку ініцыятараў паправак, павінна быць паэтапным — на працягу некалькіх гадоў, па меры гатоўнасці ўстаноў адукацыі.

Конкурс з прэтэнзіяй

Самае дзіўнае, што ў Беларусі даволі часта гучаць пытанні кшталту «А калі ж, нарэшце, і ў нас аб'яднаюць выпускныя экзамены за курс школы з уступнымі іспытамі ў ВНУ?», пры гэтым аўтары такіх ініцыятыў чамусьці забываюць, што для таго, каб расійскія ВНУ змаглі адабраць больш моцных абітурыентаў, а слабыя вучні маглі атрымаць школьны атэстат, абавязковы адзіны дзяржаўны экзамен па матэматыцы там быў падзелены на два ўзроўні: базавы (для атрымання пасведчання аб сярэдняй адукацыі) і павышаны (для тых, хто прэтэндуе на студэнцкі білет).

— Праблема ў тым, што не толькі абывацелі, журналісты, але і многія педагогі блытаюць цэнтралізаванае тэсціраванне (ЦТ) і выніковую атэстацыю і не бачаць паміж імі прынцыповай розніцы. Мы свядома захавалі на выхадзе са школы выпускныя экзамены ў традыцыйнай форме, каб не заахвочваць муштраванне па тэстах, — тлумачыць дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ. — А задача ЦТ — складанне рэйтынгавых спісаў абітурыентаў у адпаведнасці з узроўнем іх падрыхтоўкі. Гэта фактычна конкурс сярод абітурыентаў з прэтэнзіяй на пэўнае месца, пажадана больш высокае, у агульным спісе прэтэндэнтаў. І пакуль гэта ўсе не зразумеюць, так і будуць думаць, што 30 балаў на ЦТ — гэта школьная «тройка», а 20 балаў — «двойка».

Мэта цэнтралізаванага тэсціравання — правесці конкурсны адбор. На ЦТ у аснову методыкі разліку тэставага была пакладзена стабальная шкала, якая дазваляе не толькі прыняць пад увагу колькасць правільна выкананых заданняў тэста, але і ўлічыць адносную складанасць кожнага выкананага ці нявыкананага задання. Пагадзіцеся, што ў школе складана выправіць «дзявятку» на «дзясятку», а вось дабраць хоць некалькі дадатковых пунктаў пры 100-бальнай сістэме — мэта, якая прымушае абітурыентаў працаваць.

Дарэчы, Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў на пастаяннай аснове кантактуе з некаторымі ВНУ для супастаўлення школьных атэстатаў, вынікаў ЦТ і экзаменацыйнай сесіі. «Наша ацэнка ведаў маладых людзей на ЦТ і ацэнка іх ведаў падчас сесіі ў ВНУ, як правіла, супадаюць, — падкрэслівае Мікалай Фяськоў. — Уладальнікі высокіх балаў без праблем адаптуюцца да патрабаванняў вышэйшай школы. А вось у тых, хто з вялікімі цяжкасцямі пераадолеў мінімальны парог, часцей за ўсё ў працэсе навучання ўзнікаюць сур'ёзныя праблемы. Што тычыцца школьных атэстатаў, то школьныя адзнакі карэлююць з паспяховасцю студэнтаў у меншай ступені. Яно і зразумела, бо школьны бал — гэта ацэнка настаўнікам ведаў школьніка, якая пры гэтым выконвае і ролю стымулу ў навучанні, таму часта завышаецца».

Металадэтэктары не панацэя

У апошнія гады колькасць абітурыентаў, адхіленых ад удзелу ў ЦТ па прычыне парушэння ўстаноўленых правілаў, у нашай краіне змяншалася. З чым гэта звязана?

— З пункту гледжання захавання канфідэнцыяльнасці тэставых матэрыялаў беларуская сістэма мае значную перавагу перад аналагічнымі тэхналогіямі ў іншых краінах і, акрамя таго, яна дазваляе больш рацыянальна выкарыстоўваць фінансавыя сродкі. Устаноўка металадэтэктараў, безумоўна, добры сродак для кантролю за тым, што абітурыенты праносяць у аўдыторыі, аднак ён вымагае істотных матэрыяльных укладанняў і ўсё роўна не дае стапрацэнтнай гарантыі, — дзеліцца сваімі думкамі Мікалай Фяськоў. — Мы даўно пераканаліся, што самы дзейсны спосаб папярэдзіць магчымыя парушэнні ў аўдыторыі — гэта няўхільна выконваць усе нормы «Палажэння аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання». Паверце, што кожны радок, кожная ўнесеная ў гэты дакумент карэкціроўка і дапаўненне з'явіліся там у выніку нашай шматгадовай практыкі правядзення цэнтралізаваных іспытаў. І для таго, каб не дапусціць уцечкі зместу тэстаў з экзаменацыйнай аўдыторыі, дастаткова, каб у аўдыторыі прысутнічалі адказныя арганізатары. У нас ёсць пункты правядзення ЦТ, дзе заўсёды бываюць адхіленыя ад здачы экзамену абітурыенты: і зусім не таму, што ўсе парушальнікі сабраліся менавіта ў гэтай аўдыторыі, а таму, што арганізатары ў аўдыторыі прынцыповыя і адказныя. Праносіць, а таксама выкарыстоўваць у аўдыторыях, дзе праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне, любыя прадметы, акрамя пашпарта, пропуска і ручкі з чарнілам чорнага колеру, забараняецца. З'яўленне любога іншага прадмета на стале — падстава для адхілення ад здачы экзамену. Абітурыенты, спадзяюся, гэта зразумелі, таму і не рызыкуюць.

«Прызнаюся, што заваяваць давер да ЦТ з боку абітурыентаў, іх бацькоў, педагагічнай грамадскасці было вельмі няпроста. Таму мы вельмі даражым сваёй рэпутацыяй, — падкрэслівае Мікалай Фяськоў. — Магчыма, не ўсе абітурыенты ведаюць, што падчас тэсціравання іх размеркаванне па аўдыторыях праводзіцца з дапамогай камп'ютарнай праграмы. Мы маем магчымасць штогод змяняць крытэрыі, па якіх вызначаецца аўдыторыя для кожнага абітурыента. Таму забраніраваць сабе месца загадзя ў апошнім радзе канкрэтнай аўдыторыі праз знаёмага арганізатара не атрымаецца. А вось на якім месцы і ў якой аўдыторыі сядзіць кожны з 78 тысяч абітурыентаў на тэсціраванні па рускай мове, мы ведаем дзякуючы нашай камп'ютарнай сістэме».

<blockquote style="box-sizing: border-box; padding-top: 10px; padding-right: 20px; padding-bottom: 10px; margin: 2rem 0px; font-size: 17.5px; border-left-color: rgb(120, 18, 18); font-family: 'PT Sans', Helvetica, Arial, sans-serif; font-style: normal; background-color: rgb(253, 239, 206);">

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне захоўвае інфармацыю аб кожным бланку адказаў, які дасылаецца ў пункты тэсціравання.

</blockquote>

Таму арганізатары ЦТ маюць магчымасць імгненна вызначыць месца яго знаходжання (корпус пункта тэсціравання і аўдыторыю). Такая тэхналогія суправаджэння бланкаў выключае магчымасць злоўжыванняў і непасрэдна пры правядзенні іспытаў.

За час існавання інстытута быў створаны ўнікальны банк тэставых заданняў. Поўны цыкл падрыхтоўкі заданняў, ад заключэння адпаведнага працоўнага пагаднення паміж інстытутам і аўтарскім калектывам да перамяшчэння іх у базу, складае паўтара-два гады.

— Хачу звярнуць увагу на тое, што тэставыя заданні пры поўным захаванні патрабаванняў вучэбных праграм не з'яўляюцца нейкай копіяй звычайных пытанняў ці задач на замацаванне вучэбнага матэрыялу па пройдзенай тэме. Гэта арыгінальныя і эксклюзіўныя, кароткія па змесце заданні з графічна выверанымі формуламі, схемамі і малюнкамі. Да заданняў абавязкова дадаюцца чатыры-пяць праўдападобных адказаў, прадстаўленых у адным стылі — так званых дыстрактараў. У інстытуце распрацаваны звод правілаў па інфармацыйнай бяспецы для асоб, якія маюць непасрэднае дачыненне да тэставых матэрыялаў.

Усе заданні пасля праходжання шматразовай экспертызы размяшчаюцца ў банку на асобнай партатыўнай рабочай станцыі, абароненай крыптаграфічнымі сродкамі. З гэтага часу з заданнямі базы, пасля выканання пэўных рэгламентаваных працэдур, можа працаваць толькі профільны спецыяліст.

Амаль усе працэсы, якія характарызуюцца аднатыпнасцю, аўтаматызаваны, што не толькі паскарае час падрыхтоўкі і апрацоўкі тэставых матэрыялаў, але і павышае інфармацыйную бяспеку, паколькі адсутнічае так званая «ручная» праверка.

Вашы хітрыкі нам вядомыя!

— Кожны год пасля тэсціравання мы дыягнастуем «вузкія» месцы нашага праграмнага забеспячэння, каб у час падрыхтоўкі да наступных іспытаў зрабіць яго больш пластычным, — канстатуе Мікалай Фяськоў. — Прызнаюся, што супрацоўнікі інстытута пастаянна адсочваюць правядзенне ўступных выпрабаванняў у іншых краінах як на прадмет іх арганізацыі, так і на прадмет выяўлення «слабых месцаў». Лепш вучыцца на чужых памылках, чым на сваіх. Тым, як супрацьстаяць выкарыстанню тэхнічных сродкаў на экзаменах, заклапочаны абсалютна ўсе краіны. Шпаргалкі на каленях — гэта ўжо ўчарашні дзень. Тэхнічны прагрэс на месцы не стаіць, і нават звычайныя, на першы погляд, упрыгажэнні могуць служыць прыёмнай антэнай, а ў гадзінніку на руцэ можа хавацца прыстасаванне для захоўвання шпаргалак. Але мы ведаем пра ўсе гэтыя хітрыкі. І пра мікра- і нананавушнікі таксама ведаем. Вось чаму галаўныя ўборы ў экзаменацыйнай аўдыторыі зусім не вітаюцца. Хоць цяжка ўявіць сабе, што абітурыент можа з экзаменацыйнай аўдыторыі прадыктаваць умовы задачы і дачакацца адказу.

Апошнім часам асноўныя прэтэнзіі да ЦТ зводзяцца да праблемы «нізкага ўзрўню падрыхтоўкі абітурыентаў». 

— У пошуках прычын няўдалых музычных прэм’ер мы іншы раз ківаем на памер і колер дырыжорскай палачкі. Але ці можа якасць адукацыі залежыць ад формы праверкі ведаў?  Галоўны дырыжор  у школьным ансамблі — усё ж такі настаўнік. Толькі ён выбірае партытуру на кожны ўрок, — падкрэслівае Мікалай Фяськоў. — І калі ў настаўніка (дырыжора) на ўроку ўсё да ладу, тады і тэставыя тэхналогіі толькі спрыяюць якасці адукацыі школьнікаў, а заняткі праходзяць, як музычныя ўверцюры да тэатральнай пастаноўкі. А абвінавачваць ЦТ, якое быццам бы ўплывае на якасць ведаў, — тое ж самае, што абвінавачваць тэрмометр, які паказвае «не тую тэмпературу». 

nikalaeva@zviazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.